Жыцьцё падобнае на самападман. У дзяцінстве, калі хадзіў у садочак, марыў, што калі пайду ў школу - вось там будзе цікава, вось гэта жыцьцё пачнецца! У школе марыў пра інстытут, пра дарослае жыцьцё. Ва ўніверы думаў, што вось скончу яго, пачну працаваць, стану адмыслоўцам у нейкай галіне, узаб'юся на грошы, зьявіцца свая ўласная кватэра, сям'я. Вось гэта будзе жыцьцё!
На кожны новы год, азіраючыся ў мінулае, думалася, што гэта была толькі падрыхтоўка да чагосьці больш важнага. Што гэта важнае вось-вось надыдзе. Потым з такімі самымі думкамі прыходзіў наступны новы год. З новага году шукаю іншую працу, з наступнага месяца пачынаю зьбіраць грошы на новую гітару, з панядзелка кідаю паліць... Колькі было падобных думак. Жыццё ў будучыні.
Пазаўчора ішоў з працы дахаты. Паліў люльку. У плэеры граў Джымі Хэндрыкс. Сонца сьвяціла у вочы. Дома чакаў каханы чалавек. У гэты момант я адчуў сябе самым шчасьлівым чалавекам на сьвеце. У мяне быў шлях, была мэта, але я не сьпяшаўся, бо ведаў, што мяне дачакаюцца. У мяне быў цудоўны настрой, але я не крычаў і ня прыгаў, проста усьміхаўся людзям, бо ведаў, што мяне разумеюць. Грала музыка, салодкі дым файкі казытаў нос, а я спакойна сабе ішоў. Бо ведаў, што калі скончыцца музыка, я памяняю батарэйку, калі скончыцца люлька я набью яшчэ тытуню, а калі скончыцца вечар - заўтра будзе яшчэ адзін. І ўсё залежыць ад мяне.